Створаны грамадскі кансультатыўна-практычны цэнтр па стажыроўцы майстроў Гродзенскай вобласці па ганчарству

20.08.2025

Гісторыя народных рамёстваў і промыслаў налічвае не адно стагоддзе. На працягу многіх вякоў яны з’яўляліся неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця беларусаў.

      Адным з найстаражытных і пашыраных рамёстваў з’яўляецца ганчарства. У любым кутку Беларусі можна адшукаць залежы добрай гліны, і з гэтага таннага і даступнага матэрыялу народныя майстры- ганчары здаўна выраблялі самы разнастайны посуд для прыгатавання ежы і захавання прадуктаў. Стагоддзямі выпрацоўваліся прыёмы работы з глінай, шліфафаліся і адточваліся формы вырабаў і спосабы іх аздаблення. Майстры зыходзілі з мясцовых традыцый, густаў, звычаяў і адбіралі  і ўдасканальвалі ўсё лепшае, выпрацаваннае папярэднімі пакаленнямі.

      Ганчарная справа не толькі не страціла сваё значэнне ў XXI ст., але і прымножыла яго. Нягледзячы на велізарную разнастайнасць матэрыялаў для вырабу прадметаў хатняга ўжытку, людзі да гэтага часу шмат у чым аддаюць перавагу керамічным вырабам. Менавіта таму важна вывучыць гісторыю развіцця ганчарнай справы: прасачыць змены рамеснай тэхнікі і тэхналогіі, вывучыць пераўтварэнне формаў і асартыменту керамічных вырабаў, вылучыць лакальныя асаблівасці.

      Дзякуючы багатаму вопыту і высокаму ўзроўню майстэрства носьбітаў традыцыі ганчарства Свіслаччыны, у нашым раёне створаны грамадскі кансультатыўна-практычны цэнтр па стажыроўцы майстроў Гродзенскай вобласці па ганчарству. Такое рашэнне было прынята ўпраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама. Адкрыццё цэнтра адбылося падчас каравай-фэста “Бацькава булка” 16 жніўня 2025г., дзе майстар Яўген Мацяшук  правёў першыя майстар-класы для наведвальнікаў выставы і цэнтра. Кансультатыўна - практычны цэнтр працуе на базе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы культуры “Свіслацкі раённы і цэнтр культуры і народнай творчасці”.

      Чаму менавіта на Свіслаччыне ? У канцы XIX – пачатку XX ст. мястэчка Поразава лічылася адным з буйных ганчарных цэнтраў Гродзеншчыны, дзе налічвалася каля 200 майстроў. У Поразава выраблялі чорнаглянцавы посуд гаспадарчага прызначэння: гаршкі з накрыўкай, збанкі, гладышы, міскі, бабачнікі і інш. Посуд вызначаўся буйнымі выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленнымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай). З пакалення ў пакаленне перадавалі поразаўскія майстры вопыт і традыцыі сваім нашчадкам, пагэтаму былі цэлыя сямейна-родавыя дынастыі Шалкевічаў, Паплаўскіх, Шопікаў, Раманоўскіх, Пінютаў, Козюкаў.

       У наш час ганчарнае рамяство на Свіслаччыне развіваецца дзякуючы майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры - Яўгену Мацяшуку і Віталю Аніська. Майстры валодаюць старымі тэхналогіямі вырабу чорнаглянцаванай задымленнай керамікі, вывучаюць і папулярызуюць мясцовыя традыцыі ганчарства, перадаюць свае веды маладому пакаленню.

      Асноўныя задачы цэнтра: - аказанне кансультатыўнай, метадычнай, практычнай дапамогі майстрам па ганчарству і іншым асобам, якія цікавяцца традыцыйнымі практыкамі ганчарства; - захаванне і аднаўленне ўмоў для адраджэння, захавання і  развіцця традыцый ганчарнага рамяства;  - аднаўленні сувязі паміж пакаленнямі і пераемнасці майстэрства; -  фарміраванні грамадскай цікавасці да традыцыйнай культуры і спадчыны самабытных майстроў; - правядзенне майстар- класаў па ганчарству для работнікаў культуры з мэтай навучання названаму віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Паслугі праграмы навучання майстэрству ганчарства прадастаўляюцца бясплатна і на платнай аснове па дагавору, таксама прадастаўляюцца  дадатковыя платныя паслугі, якія выходзяць за межы пераліку паслуг, з улікам патрэбнасцей наведвальнікаў на аснове дагавора з імі. 
Грамадскі кансультатыўна-практычны цэнтр размяшчаецца па адрасу:  Гродзенская вобласць, г. Свіслач, в. Мяльнова 7. Дадатковую інфармацыю аб працы цэнтра можна атрымаць па нумары тэлефона 80151376347. 

 Дзверы аддзела рамёстваў шырока адчынены для прыхільнікаў народнай i аматараў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Чакаем  новых удзельнікаў, новых сумесных творчых ідэй i цікавых сустрэч!

поделиться в: